помнік архітэктуры стылю мадэрн у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1904 (арх. Р.Марфельд) як фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх — уладальнікаў Мірскага замкава-паркавага комплексу. Будынак — кампактны верт. аб’ём, асіметрычны ў плане, завершаны ў паўн. частцы 5-граннай апсідай, у паўд. — бабінцам. Над бакавым уваходам, вылучаным спец. прыбудовай, узвышаецца 3-ярусная 4-гранная вежа-званіца з купалам. Гал. фасад раскрапаваны рызалітамі і аздоблены вял. паліхромным мазаічным пано «Хрыстос Уседзяржыцель» і аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх. Глыбокі партал увахода размешчаны ў нізкім бабінцы з вуглавымі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей арх. дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэрага бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрыта самкнутым 4-гранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай.